Леаніды не вернуцца да Зямлі (Нельга забыць), стр. 68

Ён выйшаў на вуліцу, напоеную свежым водарам майскай раніцы. Вуліцы былі пустыя. Толькі рэдкія дворнікі шоргалі мётламі па асфальце.

Горад пагасіў агні, і таму над ім на хвіліну з'явіліся зоры.

Ветрык часам уздыхаў, несучы аднекуль з парку водар расы і кветак.

Зоркі, самыя буйныя, чэзлі. Андрэй ішоў пад імі, і вадкае зеленаватае неба вісела над яго галавой.

Чамусьці ён успомніў магільную пліту ў старым Мядзелі, сярэдневяковую пліту. Тады беларусы любілі строіць кепікі са смерці, іранічна ставіліся да яе, не баючыся быццам ні бога, ні д'ябла. На пліце быў выразаны чалавек з шырокім разумным тварам, у вольных, відаць, тканых, адзеннях. Пад галавою яго была выразана сулея, пры баку — меч, у нагах — маленькі сабачка, падобны на карлікавага льва. Чалавек уіміхаўся быццам тым словам, што былі выразаны ніжэй сабачкі:

Тут ляжыць Іван Сямяшка.

Ў галавах гарэлкi пляшка.

Пры баку востры меч ляжыць,

У ног верны сабачка тужыць.

Ого-го, ого-го,

Што каму да таго?

Сапраўды, што каму да таго? Продкі любілі пасмейвацца са смерці. Але смерць, але прадчуванне яе — гэта зусім не смешна. Гэта агідна, брыдка, гэта варожа. З гэтым не можа прымірыцца сэрца… Леаніды адзначылі шлях прадзеда, і хоць гэтым святлейшая была ноч перад яго стратай. Іх няма зараз. Яны рэдка прылятаюць, і мы чакаем іх, такія самотныя ў цемры.

Яго, Андрэя, таксама прысудзілі да страты. Калісь. Даўно. Прысудзіла вайна, ад якой усё яшчэ часам паміраюць людзі, з якой яны ўсё яшчэ, задыхаючыся, уступаюць у адзінаборства такімі вось зеленаватымі, свежымі раніцамі мая.

Божа, пакарай іх, калі ты ёсць. Пакарай расстрэлы, пакарай атакі, пакарай іх за асколкі ў сэрцы, пакарай за слабенькія, як пялёсткі кветак, пальцы кволых жанчын, якія дрыжаць, чапляючыся за жыццё.

Божа, пакарай іх!

А калі ты смяешся там, над намі, смяешся смехам старога ідыёта, які ўзрадаваны мукамі пароды людской, яе слабасцю, слабасцю гэтых вуснаў, якія ловяць паветра, — тады сцеражыся! Сцеражыся тады, бо гэта ўжо за-над-та.

А калі цябе няма — хопіць прыдурвацца. Тады няхай сцерагуцца тыя, хто прыдумваў гэтую хлусню, гадаваў яе цэлымі стагоддзямі, хто па-езуіцку казаў, што забіваць нельга, але можна забіваць чалавека «чужой» крыві, што падмануць нельга, але можна зрабіць гэта ў імя тых ці іншых меркаванняў, неабходнасці… Хай сцерагуцца, бо гэта немагчыма, каб самыя дарагія вусны хапалі паветра, якое павінна быць радасцю для ўсіх.

Да чор-та-вай ма-та-ры!

Людзі занадта лёгка забылі пра вайну. Яны лічаць, што гэта забаўкі. У многіх каціная памяць, ім абрыдлі напаміны аб ёй, яны не хочуць глядзець нават фільмаў аб тым, як людзі пакутавалі тады. "Вайна? Гэта прайшло".

А вайна не памерла. Не кажучы пра новую пагрозу, не памерла і старая. Яна толькі стаілася, яна гадамі падпільноўвала ахвяру. Будавалі дамы, пісалі кнігі, кахалі, а яна пільнавала… пільнавала… Яна не спяшалася. I вось дачакалася, калі прыйшло нясцерпнае шчасце, калі Нерль і Нява завабілі двух і далі ім бяссмерце, — кінулася і прыхлопнула цяжкай рукой.

Цяпер Андрэй ішоў ужо над Масквою-ракою. Мост вёў яго кудысь. Над горадам вось-вось павінна было ўзысці сонца, і немагчыма, немагчыма было, прадбачваючы ягоны прыход, не пакутаваць за вусны, там, на падушцы, і не абурацца да самых глыбінь душы.

Насустрач самотнай постаці Андрэя ішла ў першых праменнях сонца палівальная машына. Ішла, распусціўшы белыя вусы, гонячы перад сабою вясёлку.

I, калі яна прайшла, за яе спіною сталі два гарады, адзін сапраўдны, а другі бліскучы, размыты ўсімі абрысамі, перакулены ў другое неба, якраз пад нагамі.

Р а з д з е л XXIX

Андрэй сядзеў у кабiнеце намеснiка дырэктара iнстытута грудной хiрургii. Сядзеў удвух, разам з гаспадаром гэтага сляпуча-белага, вылiзанага да люстэркавай матавасцi пакоя.

Гаспадар, прафесар Глінскі, вялізны, вельш нязграбны, нейкі па-мужыкаватаму натапыраны сядзеў перад ім. Мажны, увесь у жорсткіх мускулах твар, сівеючыя скроні. Дзіўна было слухаць з гэтых вуснаў па-інтэлігенцку мяккую мову, дзіўна было бачыць пры гэтых магутных руках малатабойца кісці арыстакраткі-прыгажуні з матава-бледнымі вузкімі пальцамі.

— Адкуль я магу ведаць, — сказаў Глінскі. — Я сам не ляжаў пад нажом.

— Разумееце, — хваляваўся Андрэй, — я гэта да таго, што хачу ведаць, вельмі балюча гэта ці не. Я не магу, каб ёй — балюча.

За вокнамі быў зялёны трапяткі сад, яшчэ споўнены ранішняй прахалодай і ціньканнем птушак. Прафесар глядзеў туды.

— Што адчувае хворы пад нажом, калі робяць аперацыю сэрца, можа сказаць пакуль што толькі адзін чалавек на зямлі. Дарэчы, з вашага Мінска… Гэта хворы Пушкін. Тады ён працаваў на радыёзаводзе. У пяцьдзесят сёмым годзе яго аперыравалі ў трэцяй клінічнай бальніцы. Аперыраваў доктар Раўноў. Давялося аперыраваць пад мясцовай анестэзіяй.

— Ну, а наогул…

— Баіцёся — не кладзіце, — жорстка сказаў Глінскі. — Улічыце, гарантый тут не даюць… Так, аперацыя цяжкая, так, пасля яе, нават калі яна ўдалася, хворы дзён сем нават дыхае з цяжкасцю, так, гэта балюча. Балюча слова сказаць… I не дзіва — сэрца і сталь. I ў гэтым паядынку яны дзве… тры… зрэдку, вельмі рэдка, чатыры гадзіны.

"Не, — думаў Андрэй, — да гэтага жывадзёра я не пушчу. Калі ўсё адно без аперацыі не абысціся — хай лепей другі… Як ён раўнадушна кажа пра гэта!.. Якія грубыя рысы аблічча!.. Нездарма Талстой не любіў дактароў".

Ён ведаў, што ён несправядлівы, але пакінуць думаць менавіта так не мог.

А ў словах прафесара ўсё яшчэ гучала жорсткая сталь.

— I гэта яшчэ не ўсё, — Глінскі глядзеў светлымі, калючымі вачыма, быццам душу цягнуў з вачэй субяседніка. — Ваш выпадак цяжкі. Вельмі цяжкі. Я ведаю яго і даўно здзіўляюся, чаму яна не магла прыйсці сюды тры гады таму. Тады было лягчэй.

— У яе не было тады прагі жыць што б там ні было, — сказаў Андрэй. — Была абыякавасць.

— А зараз яе няма, — даволі бессардэчна, на думку Андрэя, усміхнуўся Глінскі. — Ну што ж, не буду суцяшаць. Вы мужчына і павінны ўмець глядзець смерці ў вочы, іначай і жыцця не варты такі чалавек…

Закурыў, гледзячы зараз зноў у акно.

— Дык вось, у яе мала шансаў. Але павінны выбіраць і вы. Або павольная смерць праз некалькі месяцаў і пакуты сумлення, што не ўратавалі, або… Або пакуты сумлення, што паклаў пад нож. Сам.

— Так, — проста сказаў Глінскі. — Можа быць, і так. У жыцці часта бывае так. I яшчэ папярэджваю. Часам аперацыя прайшла. Усё добра. А потым выяўляецца, што чалавек павольна гіне, што і мы яму нічога не далі, бо гэткая траўма для сэрца аказалася не пад сілу. Я кажу вам гэта, каб вы загадзя ведалі: можа быць горшае…

— Я згодзен на аперацыю, — сказаў Андрэй.

А сам сабе думаў:

"Згодзен. Але толькі не табе. Толькі камусь іншаму, мяккаму, пяшчотнаму да чалавечага матэрыялу, аддадзенага ў яго рукі".

— Вось сволач, — сказаў раптам Глінскі, і Андрэй сумеўся, а ці не адгадаў той часам ягоных думак.

Прафесар глядзеў у акно, і на яго твары ляжалі зялёныя рэфлексы ад садовай лістоты, напоенай сонцам.

— Не, — сказаў ён, — вы бачыце, вы бачыце, што яны там робяць?

Ён павярнуўся, і Андрэй здзівіўся змене, якая адбылася з Глінскім. Зусім другі чалавек сядзеў перад ім. Куды падзелася ідальская нерухомасць аблічча, пахмурыя калючыя вочы.

Зараз гэтыя вочы таксама былі калючыя — ад іскрачак смеху, што скакалі ў іх, — а рот расцягнуўся ледзь не да вушэй у такой дзіцячай і хітрай усмешцы, якой могуць усміхацца толькі ах якія людзі!

Ён узяў Андрэя за плячо і павярнуў да акна:

— Глядзіце, глядзіце, што ён там выкамарвае, падшывалец.

Ён смяяўся і торкаў пальцам у вокны ніжняга паверха, што ў левым крыле.

З аднаго акна звісалі ўніз дзве дзіцячыя нагі. Гэтыя ногі яўна належалі хлопчыку год шасці і яўна прымалі сонечную ванну: варочаліся, быццам гаспадар хацеў падсмажыць іх з усіх бакоў. Ногі былі беленькія, як малако, і тоненькія, як былінкі. Звісалі яны амаль да зямлі, а на зямлі на задніх лапах стаяла пярэсценькае кацяня і хапала лапкамі за ногі, бы ў валейбол гуляла.